Ігар Канановіч

Якое свята, браце? Не грашы!..
Павер, паэцтва пахне не малінай...
Стаў зборнік вершаў помнікам душы —
Расцягнутай, загаджанай. Адзінай.

Шэдэўры выбягалі з-пад рукі?
Магчыма. Але цешыла не дужа…
БЯДОЙ напампаваныя радкі!
Які ж ты блізарукі, любы дружа!..

Паэтам быць — штодзень глядзець за край.
Высокі боль — капкан, прысуд суровы.
Зайздросны лёс? Ну, дурань, забірай!
Яшчэ і даплачу — насі здаровы!

В мой старый сад, ланфрен-ланфра,
Лети, моя голубка!
З вядомай песні

Да выбухаў натхнення ты прыступка.
Табою Бог жыццё пасаладзіў.
І ўсё-ткі я паэт, мая галубка.
Мо лепшага — нармальнага — знайдзі?

Нашто табе нястача, меладрама
І гурт таленавітых недарэк?
Твой выбар ну ніяк не ўхваліць мама.
Яна кансерватыўны чалавек.

Хвіліны шчасця будуць, верагодна.
Ды, верагодна, будзе і кашмар.
Я — цяжкая, няўдзячная прыгода:
Буян, ліхач, нядбайны гаспадар...

Зірні, я для цябе — да дна прыступка!
Крумкач крывавы з песняй салаўя!..
Маўчу-маўчу! Не плач, мая галубка!
Хадзі сюды, маленькая мая!..

Тут — толькі шэрага пужлівыя адценні.
Застой, як звычай, выліваецца ў адстой...
Мне б сярод зорак у бясконцым захапленні
Ляцець нічым не абцяжаранай душой!
Мне б — рай напоўненай Сусветам адзіноты:
Валадары Зямлі — Мяжа, Сцяна і Край!..
Чарговы дзень ты сустракаеш без ахвоты
Ў натоўпе спадчынных рабоў з кляймом "tut.by"...

Папрашу: як стану волатам пяра,
Прапішуся на старонках хрэстаматый —
Не катуйце маім вершам шкаляра!
Ён ні ў чым перада мной не вінаваты!

У дарослых, пэўна ж, права і рэзон,
Ды не трэба пакаленняў варажнечы!
Дыскатэка і працяглы, моцны сон —
Найважнейшыя ў юнацкім свеце рэчы!

Гэта ж дзеці БЕЛАРУСКІЯ — СВАЕ!
І найбольш прашу калегу-педагога:
Ну задай, калі праграма (каб яе!..),
Але толькі не на памяць — дзеля Бога!

Што згарэла — з попелу не ўстане.
Зерне не знайшло сваю раллю...
Свечку па няспраўджаным каханні
У начным прадонні запалю...

Лёс няўмольны падмануў абодвух.
Несвоечасовасць — як турма...
Атрымаў не шчасце, а свабоду.
Побач цэлы свет — цябе няма...

Звершаваў пакуты і прызнанні.
Хто-ніхто з сяброў крычыць: "На "біс"!"
Свечка па няспраўджаным каханні:
Воск маёй слязой збягае ўніз...